Маршрут выхаднога дня "Цікавая мясціны валмянскай зямлі"

Маршрут выхаднога дня "Цікавая мясціны валмянскай зямлі"

МАРШРУТ ВЫХАДНОГА ДНЯ

“ЦІКАВЫЯ МЯСЦІНЫ ВАЛМЯНСКАЙ ЗЯМЛІ”

 

Узрост дзіцяці: сярэдні і старэйшы дашкольны ўзрост

 

З сабой узяць: фотаапарат, коўдру, блакнот для замалёвак, перакус

 

Паважаныя мамы і таты!

Самы шчаслівы дзень - гэта выхадны, калі ўся сям’я збіраецца разам! Выхадныя - гэта ўжо свята.

А выхадныя, праведзеныя разам з дзецьмі - свята ўдвая!

І каб гэта свята было яркім і незабыўным, прапануем Вашай увазе «Маршрут выхаднога дня» на тэму: “ЦІКАВЫЯ МЯСЦІНЫ ВАЛМЯНСКАЙ ЗЯМЛІ”

Змест маршруту: аг. Волма Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, установа адукайцыі  “Валмянскі вучэбна педагагічны комплекс дзіцячы сад–базавая школа” - сядзіба пана Капылінскага - касцёл Святога Яна - Вадзяны млын - сядзіба Ваньковічаў – Капліца -  Чортаў камень Ратынскі

 

Волма – прыгажэйшае месца на Зямлі

 

Волма - вёска на рацэ Волма ці Валмянка.

Наша мясцовасць багатая на таленавітых людзей. Мы ганарымся іх дасягненнямі. Вось імёны некаторых: Кадлубовіч Леанід Іванавіч, былы старшыня калгаса імя Дзяржынскага, Манак Браніслава Адольфаўна, кандыдат геаграфічных навук, Паўловіч Ганна Браніславаўна, выкладчык рускай мовы ў БДУ, Прыстром Мар’ян Станіслававаіч, беларускі вучоны ў галіне кардыялогіі і геранталогіі,Чарнянок Тамара Васільеўна, старшыня дзіцячага фонда”Дзеці Чарнобыля”, Эрдман Станіслаў Станіслававіч, былы галоўны ўрач Дзяржынскай РЦБ, Мяцеж Уладзіслаў Станіслававіч, былы намеснік міністра статыстыкі, Уласевіч Станіслаў Іванавіч, былы начальнік упраўлення па спорту Гродненскага аблвыканкама, былы трэнер “Нёмана”, Рудовіч Станіслаў Сцяпанавіч, кандыдат гістарычных навук, навуковы рэдактар выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, Махавікоў Ігар Рыгоравіч, намеснік старшыні міжнароднай эканамічнай камісіі Савета Еўропы,  Хімарода Зоя Іванаўна, дырэктар беларускага аддзела Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Ляўковіч Алена Леанідаўна, намеснік рэдактара “Народнай газеты”, Шарко Пётр Станіслававіч, пробашч Нясвіжскага касцёла і іншыя. Пералічваць вядомых землякоў можна бясконца.

 Ва ўсе часы на тэрыторыі вёскі працавалі народныя майстры. Яны маглі пабудаваць прыгожы дом, студню, саткаць абрус і посцілку. І сёння гэтыя традыцыі захоўваюцца. Фігуры з дрэва народнага ўмельца Налецкага Вячаслава Сцяпанавіча ўпрыгожваюць адну з вуліц нашай вёскі. Мудрая сава як бы накіроўвае вучняў, якія ідуць у школу, засвойваць розныя навукі. Фігура вясёлага гаспадара з гаршком бульбы і ліха закручаным вусам гаворыць аб гасціннасці і адкрытасці вяскоўцаў.

 

ДУА “Валмянскі вучэбна-педагагічны комплекс

 дзіцячы сад – базавая школа”

Першыя ўспаміны аб навучанні дзяцей на тэрыторыі вёскі адносіцца да 1867 года. У Валмянскай  пачатковай школе навучалася 57 вучняў. Школа знаходзілася ў наёмным памяшканні.

      У 1923 годзе ў Волме польскае кіраўніцтва адкрыла няпоўную сямігадовую школу, у 1925 годзе яна становіцца сямігодкай. Гэта школа праіснавала да 1949 года, калі была рэфармавана ў сярэднюю школу, а ў 1952 годзе адбыўся першы выпуск.  У 1944  годзе  заняткі вяліся ў двухпавярховым будынку школы, які неўзабаве згарэў. Навучанне вялося па хатах у Ламакі, Ратомскіх, Матусевічаў, пэўны час дзеці вучыліся ў памяшканні Свята-Успенскага касцёла. У 1947 годзе навучанне пачало вясціся ў будынку хаты былога ксяндза, які выехаў.

           У лістападзе 1989 года вучні, настаўнікі, бацькі пераступілі парог новай сучаснай школы.

У 2005 годзе Валмянская сярэдняя школа была аб’яднана з Валмянскім дзіцячым садам  і зараз яна называецца дзяржаўная ўстанова адукацыі “Валмянскі вучэбна–педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа”. Школа з’яўляецца цэнтрам краязнаўчай работы нашай мясцовасці. Да ўвагі наведвальнікаў - школьны музей быту, дзе намаганнямі вучняў і настаўнікаў сабраны прадметы быту нашых продкаў, архіўныя дакументы, успаміны мясцовых жыхароў, творчыя работы вучняў.                                                                              

 

Сядзіба пана Капылінскага

У 19 стагоддзі на тэрыторыі Волмы існавала сядзіба пана Капылінскага . У адрозненні ад памешчыка Ваньковіча гэта быў вельмі жорсткі чалавек. Мог пакараць ні за што. Сяляне яго не любілі. Сёння  тут знаходзіцца будынак участковай бальніцы. Алея велізарных ліп ахінае месца былой сядзібы, толькі яны ды невялічкае возера, дзе водзіцца рыба, сведкі мінулых падзей. Сядзіба пана Капылінскага з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

 

Успенскі касцёл Святога Яна

 

На самым высокім месцы ў цэнтры вёскі знаходзіцца Успенскі касцёл Святога Яна. Касцёл – месца пакланення і ачышчэння.  Пабудаваны ў 1751 годзе, ен быў бачны за 5км з любога боку. Некалькі разоў перарабляўся. У касцёле знаходзіўся арган, які ў час службы суправаджаў яе велічнай музыкай. Спявалі ў касцельным хоры вясковыя дзяўчаты.

У 60-ыя гады памяшканне касцёла было прастасавана пад спартзалу Валмянскай СШ,  у  70-ыя гады  ў будынку зрабілі калгасны зернесклад. У 80-ыя гады быў здзейснены апошні акт вандалізму – касцёл, помнік архітэктуры 18 стагоддзя, быў разабраны. Некаторы час на месцы касцёла была танцпляцоўка. Вернікі заявілі пратэст, і на яе месцы была  зроблена часовая капліца.

 Католікі ў 90-ыя гады дабіліся дазволу прыстасаваць пад касцёл частку будынка Валмянскай школы, а на мурах касцёла ў святы праводзіліся багаслужэнні, шэсці. Сёння на месцы касцёла новы велічны будынак. Летам 2000 года пачаліся будаўнічыя работы. Богаслужэнні вёў ксёндз з Дзяржынска Кшыштаф Букоўскі,  які шмат зрабіў для адраджэння касцёла Святога Яна.

         19 верасня 2000 года, у год 2000-годдзя хрысціянства кардынал Казімір Свёнтэк наведаў Волму. Кардынала віталі дзеці, вернікі. Падчас літургіі ў сваёй прамове ён выказаў радасць ад таго, што на Беларусі адраджаецца вера.

         Першая служба ў новым касцёле  адбылася 24 чэрвеня 2003 года.

         На даху касцёла аблюбавалі сабе месца для жыцця  буслы.    

 

Вадзяны млын XIX стагоддзя

Пабудаваны ён быў яшчэ ў 1829 годзе. Тут малолі муку не толькі жыхары Волмы, а прыязджалі і з суседніх вёсак. З заходняга боку бачны праёмы для воднага кола і рэчышча ракі, якое цяпер высахла. У 80-я гады млын  набыў сучасны выгляд: саламяны дах заменены на шыферны, 

каменныя жорнавы заменены на электрычныя механізмы работы. Да 2004 года ён выкарыстоўваўся для мукамольных патрэб насельніцтва.  Цяпер ён пустуе. Мясцовая моладзь упэўнена, што праходзіць ноччу каля млына небяспечна, бо здаецца, што там хтось ёсць і нешта там адбываецца. А людзі сталага ўзросту не здзіўляюцца расказам маладых, бо спакон вякоў лічылася, што менавіта на млынах жыве нячыстая сіла.

Выяву нашага млына можна ўбачыць і на беларускіх паштоўках, якія выпускаліся ў серыі “Драўлянае дойлідства Беларусі”.

 

Сядзіба Ваньковічаў

 

Ваньковічы—старажытны беларускі шляхецкі род герба “Ліс”. Першы ўспамін пра род Ваньковічаў адносіцца да 1499 года. У 16 ст. Ваньковічы мелі маёнткі ў Навагрудскім павеце і каля Вілейкі. У 18-20 ст.  валодалі маёнткамі Каножыца Ігуменскага павету (цяпер тэрыторыя Бярэзінскага раёна), Волма Мінскага павету (цяпер Дзяржынскі раён) і іншымі. Ваньковічы займалі пасады ў мясцовай адміністрацыі ВКЛ, былі дэпутатамі соймаў і Галоўнага Літоўскага трыбунала, выбіраліся ў органы дваранскага самакіравання Расійскай імперыі.

Сядзіба Волма - помнік палацава-сядзібнай архітэктуры эпохі класіцызму і садова-паркавага мастацтва 19 стагоддзя рэспубліканскага значэння ІІ катэгорыі каштоўнасці.

Размешчана яна на беразе   р.Волма (Валмянка) на паўночнай ускраіне вёскі Волма пры ўездзе ў яе з боку горада Дзяржынска. Сядзіба Волма была сфарміравана на працягу 19 ст., яе уладальнікамі былі дваране Ваньковічы, якія валодалі маёнткам у 18-пачатку 20 ст..

Парк у вёсцы Волма пейзажнага тыпу. У яго аснове - плаўна выгнутая пад’язная алея. Растуць таполі, елкі, клёны, ліпы.

Палацава-сядзібны комплекс ахоўваецца дзяржавай .

 

Капліца каля сядзібы Ваньковічаў

 

 Побач з сядзібай Ваньковічаў знаходзіцца капліца, яна амаль разбурана. Аднак добра відаць, што зроблена яна была з чырвонай цэглы, якая выраблялася на цагляным заводзе ў зніклай цяпер вёсцы Тэкляполле.

 

Чортаў камень Ратынскі

 

Каля в. Мянькі ў лесе, за 1 км на захад ад вясковых хат, знаходзіцца вялікі камень-валун  (3,6 м вышыні над зямлёй, 6 м па акружнасці ў рост чалавека). Гэта помнік прыроды, і з ім звязана такая легенда: калісьці чорт нёс гэты камень, каб кінуць яго на людзей - за нешта іх пакараць. У той час, калі ён пралятаў над в. Мянькі, заспяваў певень, і чорт выпусціў камень, не данёсшы яго да вёскі. Вось і ляжыць ён колькі часу ў тым месцы. Чортаў камень Ратынскі – гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння 

 

Пра што пагутарыць з дзецьмі?

  1. Паназірайце з дзіцем за парай лебядзяў, якія пастаянна гняздуюцца на возеры каля сядзібы пана Капылінскага.
  2. Звярніце ўвагу на векавыя дрэвы на сядзібе пана Капылінскага, сядзібе Ваньковічаў.
  3. Разгледзьце з дзіцем фотаздымкі з выглядам старадаўніх сядзіб.
  4. Раскажыце дзіцяці пра мінулае нашай Беларусі, пра сялян і паноў.
  5. Звярніце ўвагу на прыгажосць роднага краю.
  6. Прачытайце з дзецьмі вершы пра Беларусь.

 

Наш родны край - прыгожы самы

Вядома ўсім, што вельмі шмат

Куткоў на свеце дзіўных.

Але не менш, а болей, брат,

Іх на тваёй радзіме,

У нашым краі дарагім,

У Беларусі роднай.

Не памяняешся ні з кім

Яе красою годнай.

Іван Муравейка

 

Мара

Красуй у прасторы вясновым,

Радзімая сэрцу зямля.

Сагрэтая сонцам і словам

Краіна-матуля мая.

Расквеціў лугі, пералескі

Цвіценнем і радасцю май.

Ляціце да воблакаў, песні.

Квітней, мой абуджаны край.

Хачу я ні многа, ні мала, -

Каб спраўдзіць надзею з надзей,

Каб ты, Беларусь мая, стала

Краінай шчаслівых людзей!

Леанід Пранчак

 

Родны край

О мой любы родны край,

Ты - прыгожы, нібы рай.

І нідзе ў другіх краях

Шчасным быць не змог бы я.

Ніл Гілевіч

 

Радзіма

Бор адвечны, рэк разлівы,

Залатыя горы-нівы,

Неба вольнае над імі, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Дом наш, ласкаю сагрэты,

Продкаў мудрых запаветы,

Мова, спеўная надзіва, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Курганы і абеліскі,

Спапялёных вёсак спіскі

І Чарнобыль за плячыма, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Мары смелыя на старце,

Пагранічнікі на варце,

Ясны свет перад вачыма, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Мікола Маляўка

 

Мой край

Мая зямля, мой родны дом

Завецца Беларуссю.

Я знаю: пад тваім крылом

Заўсёды прытулюся.

У час трывогі і бяды

З табою мы адзіныя,

З любоўю шчыраю заўжды

Заву цябе Радзімаю.

Валерыя Бароўская

 

Наш край

Наш край яснавокі –

З маленства любімы куток.

Тут слова і песні вытокі.

На карце - кляновы лісток.

На радасць жыві і на славу,

Ні гора, ні ліха не знай.

Стой мужна за верную справу,

Наш край!

Уладзімір Паўлаў

 

Радзіма

Жыццё падарыла нам дзіва:

Як ветрыку лёгкі павеў,

Аднойчы пачуеш - "Ра-дзі-ма..."

Пасля зразумееш - навек.

І будуць дарогі вяртацца

У той незабыўны куток,

Дзе ў квецені белых акацый

Жыцця твайго чысты выток,

Дзе змалку да болю знаёмы

І дрэвы, і твары людзей,

І роўнага болей якому

Ніколі не знойдзеш нідзе.

Мікола Пракаповіч

 

7. Пагуляйце з дзецьмі ў беларускія народныя гульні.

Гульня «ЛЯНОК».

Узрост: 5 – 6 гадоў.

Задачы: практыкаваць ваўменні ўзгадняць рухі са словамі песні; выхоўваць пачуццё калектывізму.

Абсталяванне: хустка для бабулі.

Апісанне гульні.

3 ліку ўдзельнікаў гульні выбіраецца бабуля. Астатнія становяцца ў круг і пытаюцца:

— Што ты, бабуля, нам прасці дасі?

Бабуля выходзіць у цэнтр круга і адказвае:

— Старым бабулькам — воўны пасмачку,

А прыгожым маладзічкам — белы лянок!

Пасля гэтага дзеці разам з бабуляй пачынаюць спяваць, паказваючы рухамі дзеянні, пра якія гаворыцца ў песні:

А мы сеялі, сеялі лянок,

Белы, слаўны кужалёк!

Урадзіся, наш лянок!

Урадзіся, кужалёк!

Мы лянок ірвалі, выбіралі,

У снапочкі збіралі,

Малацілі, абівалі,

У полі слалі,

Урадзіўся лянок,

Белы, слаўны кужалёк!

Правілы гульні: дзеці павінны дакладна выконваць дзеянні, якія паказвае бабуля.

8. Прачытайце з дзецьмі беларускія народныя казкі.

Заяц і Вожык

У вадзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому».

Пайшоў вожык і сустрэўся падарозе з зайцам, які таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець.

- Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?

А заяц быў вельмі важны й горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба:

- Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?

- Я на шпацыр выйшаў, - кажа вожык.

- На шпацыр? - запытаўся заяц насьмешліва. - А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка ня зойдзеш.

Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Ня любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія запраўды былі кароткія ды крывыя.

- Ці ня думаеш ты, - запытаўся ён у зайца, - што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?

- Вядома, - адказаў заяц.

- А ці ня хочаш ты зы мною навыперадкі пабегчы? - пытаецца вожык.

- З табою навыперадкі? - кажа заяц. - Не сьмяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо-ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?

- А вось пабачым, - адказвае вожык. - Убачыш, што абганю.

- Ну, давай пабяжым, - кажа заяц.

- Пачакай, - адказвае вожык, - спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра?

- Добра, - сказаў заяц.

Пайшоў вожык дадому. Ідзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».

Прышоў вожык дадому і кажа жонцы:

- Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьці.

- А што здарылася? - пытаецца вожычыха.

- Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае - я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.

- Што ты - звар'яцеў? - зьдзівілася вожычыха. - Ён-жа цябе адразу перагоніць.

- Не твая справа, жонка, - сказаў вожык. - Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.

Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.

Падарозе вожык кажа жонцы:

- Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?

- Зразумела, - адказвае жонка.

Так яны й зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.

- Ну, што-ж - кажа заяц, - пабяжым?

- Пабяжым, - адказвае вожык.

Сталі яны кажны ў пачатку свае баразны.

- Раз, два, тры! - крыкнуў заяц.

І абодвы яны пабеглі з усіх ног.

Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:

- Я ўжо тут!

А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Зьдзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.

- Пабяжым цяпер назад, - кажа ён вожыку. - Раз, два, тры!

І пусьціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.

Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:

- Я ўжо тут!

Яшчэ больш зьдзівіўся заяц.

- Пабяжым яшчэ раз, - кажа ён вожыку.

- Добра, - адказвае вожык. - Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз.

Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад.

А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».

На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.

- Умарыўся, - кажа, - не магу больш бегаць.

- Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя?

Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля - ледзь ногі пацягнуў.

А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі зь імі на шпацыр.

 

Пасля сумеснай прагулкі пагутарыце з дзіцем аб праведзеным разам часе. Праглядзіце фатаграфіі, якія вы зрабілі. Спытаеце, што запомнілася больш за ўсё. Успомніце самыя прыемныя ўражанні. Пакінуўшы знак іх на паперы з дапамогай малявання, аплікацыі.

 

 

свернуть