Маршрут выхаднога дня: «Вадзяны млын XIX стагоддзя»

08.06.2020

 

Маршрут выхаднога дня: «Вадзяны млын XIX стагоддзя»

 

Узрост дзіцяці: сярэдні і старэйшы дашкольны ўзрост

 

З сабой узяць: фотаапарат, коўдру, блакнот для замалёвак, перакус

 

Паважаныя мамы і таты!

Самы шчаслівы дзень - гэта выхадны, калі ўся сям’я збіраецца разам! Выхадныя - гэта ўжо свята.

А выхадныя, праведзеныя разам з дзецьмі - свята ўдвая!

І каб гэта свята было яркім і незабыўным, прапануем Вашай увазе «Маршрут выхаднога дня» на тэму: «Вадзяны млын XIX стагоддзя».

 

Змест маршруту:

Па дарозе да вадзянога млына раскажыце дзецям пра малую радзіму - вёску Волма.

 

Інфармацыя для бацькоў:

Волма знаходзіцца ў спрыяльным геаграфічным становішчы. Каля нашай вёскі цячэ невялікая, але хуткаплынная рачулка Волма, якая нясе свае воды магутнаму Нёману. У наваколлі Волмы размешчаны чатыры крыніцы, вада з якіх вельмі чыстая і лічыцца лячэбнай. Крыніцы – гэта самае любімае месца адпачынку мясцовых і заезджых турыстаў. Вакол вёскі размешчаны каскад з чатырох азёраў, якія багатыя на рыбу. На іх берагах у зарастніку чароту пастаянна селяцца сем’і лебядзей – шыпуноў.

Наша вёска акружана лясамі. У іх водзіцца шмат жывёл, якія прывабліваюць паляўнічых – дзікі, ласі, бабры, андатры, ваўкі, лісы, куніцы, зайцы, вавёркі.

Волма - вёска на рацэ Волма ці Валмянка. Назва паходзіць ад тэрміна “волма” - упадзіна, лагчына ў пойме (поплаў, заліўны луг) ракі. На думку вядомага беларускага вучонага-тапаніміста  І. Я. Яшкіна, “волма” - упадзіна, увогуле паглыбленне.

Паводле Ф.П.Філіпа “волма” - дробная хмызняковая вярба (ніцая вярба—плакучая іва).

На працягу звыш пяці стагоддзяў Волма належала буйным беларускім магнатам, дваранам. Паводле архіўных крыніц, у першай палове 15 ст. Вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч падараваў Волму Пятру Гедыгольдавічу, так маёнтак Волма стаў уласнасцю вядомых буйных землеўладальнікаў з роду Манівідавічаў. З 1563 года ўладарыў у Волме Альбрэхт Гаштольд, а на працягу 17-19 ст. Волма належыла Валадковічам, Філіповічам, Ваньковічам.

 

Пакажыце дзіцяці, дзе знаходзіцца вадзяны млын. Разгледзьце з дзіцем вадзяны млын.


Інфармацыя для бацькоў:

Вадзяны млын— збудаванне для абмалоту зерня, механізмы якога прыводзяцца ў рух сілай вады.

Вадзяныя млыны з’явіліся на Беларусі ў ХII-ХIII стст. першапачаткова пры гаспадарках князёў і заможных манастыроў. Іх распаўсюджанне магло адбыцца пад уплывам заходніх суседзяў, у палякаў вадзяныя млыны вядомыя з ХII ст. На тэрыторыі Беларусі вадзяныя млыны шырока бытавалі да пачатку ХХ ст.

Месцам усталявання млыноў звычайна былі берагі рэк або праточных азёраў. Для павялічэння вытворчасці млына перад імі маглі стварацца штучныя ставы. Млыны на невялікіх ставах мелі адпаведныя памеры і будаваліся звычайна з дрэва, у той час як на вялікіх ставах маглі будавацца мураваныя двухпавярховыя млыны.

Вадзяны млын у нашай вёсцы пабудаваны ў 1829 годзе. Тут малолі муку не толькі жыхары Волмы, а прыязджалі і з суседніх вёсак. З заходняга боку бачны праёмы для воднага кола і рэчышча ракі, якое цяпер высахла. У 80-я гады млын  набыў сучасны выгляд: саламяны дах заменены на шыферны, каменныя жорнавы заменены на электрычныя механізмы работы. Да 2004 года ён выкарыстоўваўся для мукамольных патрэб насельніцтва.  Цяпер ён пустуе. Мясцовая моладзь упэўнена, што праходзіць ноччу каля млына небяспечна, бо здаецца, што там хтось ёсць і нешта там адбываецца. А людзі сталага ўзросту не здзіўляюцца расказам маладых, бо спакон вякоў лічылася, што менавіта на млынах жыве нячыстая сіла.

Выяву нашага млына можна ўбачыць і на беларускіх паштоўках, якія выпускаліся ў серыі “Драўлянае дойлідства Беларусі”.

 

Спытайце ў дзіцяці, што такое вадзяны млын, для чаго яго выкарыстоўвалі нашы продкі, дзе звычайна будавалі вадзяныя млыны. Раскажыце дзіцяці, хто працаваў у млыне.

 

Звярніце ўвагу на прыгажосць роднага краю.

Прачытайце з дзецьмі вершы пра Беларусь.

 

Наш родны край - прыгожы самы

Вядома ўсім, што вельмі шмат

Куткоў на свеце дзіўных.

Але не менш, а болей, брат,

Іх на тваёй радзіме,

У нашым краі дарагім,

У Беларусі роднай.

Не памяняешся ні з кім

Яе красою годнай.

Іван Муравейка

 

Мара

Красуй у прасторы вясновым,

Радзімая сэрцу зямля.

Сагрэтая сонцам і словам

Краіна-матуля мая.

Расквеціў лугі, пералескі

Цвіценнем і радасцю май.

Ляціце да воблакаў, песні.

Квітней, мой абуджаны край.

Хачу я ні многа, ні мала, -

Каб спраўдзіць надзею з надзей,

Каб ты, Беларусь мая, стала

Краінай шчаслівых людзей!

Леанід Пранчак

 

Родны край

О мой любы родны край,

Ты - прыгожы, нібы рай.

І нідзе ў другіх краях

Шчасным быць не змог бы я.

Ніл Гілевіч

 

Радзіма

Бор адвечны, рэк разлівы,

Залатыя горы-нівы,

Неба вольнае над імі, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Дом наш, ласкаю сагрэты,

Продкаў мудрых запаветы,

Мова, спеўная надзіва, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Курганы і абеліскі,

Спапялёных вёсак спіскі

І Чарнобыль за плячыма, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Мары смелыя на старце,

Пагранічнікі на варце,

Ясны свет перад вачыма, -

Гэта ўсё мая Радзіма.

Мікола Маляўка

 

Мой край

Мая зямля, мой родны дом

Завецца Беларуссю.

Я знаю: пад тваім крылом

Заўсёды прытулюся.

У час трывогі і бяды

З табою мы адзіныя,

З любоўю шчыраю заўжды

Заву цябе Радзімаю.

Валерыя Бароўская

 

Наш край

Наш край яснавокі –

З маленства любімы куток.

Тут слова і песні вытокі.

На карце - кляновы лісток.

На радасць жыві і на славу,

Ні гора, ні ліха не знай.

Стой мужна за верную справу,

Наш край!

Уладзімір Паўлаў

 

Радзіма

Жыццё падарыла нам дзіва:

Як ветрыку лёгкі павеў,

Аднойчы пачуеш - "Ра-дзі-ма..."

Пасля зразумееш - навек.

І будуць дарогі вяртацца

У той незабыўны куток,

Дзе ў квецені белых акацый

Жыцця твайго чысты выток,

Дзе змалку да болю знаёмы

І дрэвы, і твары людзей,

І роўнага болей якому

Ніколі не знойдзеш нідзе.

Мікола Пракаповіч

 

Пагуляйце з дзецьмі ў беларускія народныя гульні.

Гульня «ЛЯНОК».

Узрост: 5 – 6 гадоў.

Задачы: практыкаваць ваўменні ўзгадняць рухі са словамі песні; выхоўваць пачуццё калектывізму.

Абсталяванне: хустка для бабулі.

Апісанне гульні.

3 ліку ўдзельнікаў гульні выбіраецца бабуля. Астатнія становяцца ў круг і пытаюцца:

— Што ты, бабуля, нам прасці дасі?

Бабуля выходзіць у цэнтр круга і адказвае:

— Старым бабулькам — воўны пасмачку,

А прыгожым маладзічкам — белы лянок!

Пасля гэтага дзеці разам з бабуляй пачынаюць спяваць, паказваючы рухамі дзеянні, пра якія гаворыцца ў песні:

А мы сеялі, сеялі лянок,

Белы, слаўны кужалёк!

Урадзіся, наш лянок!

Урадзіся, кужалёк!

Мы лянок ірвалі, выбіралі,

У снапочкі збіралі,

Малацілі, абівалі,

У полі слалі,

Урадзіўся лянок,

Белы, слаўны кужалёк!

Правілы гульні: дзеці павінны дакладна выконваць дзеянні, якія паказвае бабуля.

 

Прачытайце з дзецьмі беларускія народныя казкі.

Заяц і Вожык

У вадзін ясны сонечны дзень стаяў вожык каля дзьвярэй свайго дому, склаўшы рукі на жываце, і напяваў песеньку. Сьпяваў ён сваю песеньку, сьпяваў і раптам уздумаў: «Пайду я на поле ды на сваю бручку зірну. Пакуль мая жонка дзяцей мые ды апранае, я пасьпею і ў поле схадзіць і вярнуцца дадому».

Пайшоў вожык і сустрэўся падарозе з зайцам, які таксама йшоў у поле на сваю капусту паглядзець.

- Добры дзень, паважаны заяц! Як вы маецеся?

А заяц быў вельмі важны й горды. Замест таго, каб ветліва прывітацца з вожыкам, ён толькі кіўнуў галавою ды сказаў груба:

- Што гэта ты, вожык, так рана па полі лётаеш?

- Я на шпацыр выйшаў, - кажа вожык.

- На шпацыр? - запытаўся заяц насьмешліва. - А па-мойму, на такіх кароценькіх ножках далёка ня зойдзеш.

Пакрыўдзіўся вожык за гэткія словы. Ня любіў ён, калі гаварылі пра ягоныя ногі, якія запраўды былі кароткія ды крывыя.

- Ці ня думаеш ты, - запытаўся ён у зайца, - што твае ногі бегаюць хутчэй і лепш?

- Вядома, - адказаў заяц.

- А ці ня хочаш ты зы мною навыперадкі пабегчы? - пытаецца вожык.

- З табою навыперадкі? - кажа заяц. - Не сьмяшы ты мяне, калі ласка. Няўжо-ж ты на сваіх крывых нагах мяне абгоніш?

- А вось пабачым, - адказвае вожык. - Убачыш, што абганю.

- Ну, давай пабяжым, - кажа заяц.

- Пачакай, - адказвае вожык, - спачатку я схаджу дадому пасьнедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае месца. Тады і пабяжым. Добра?

- Добра, - сказаў заяц.

Пайшоў вожык дадому. Ідзе й думае: «Заяц, вядома, хутчэй за мяне бегае. Але ён дурны, а я разумны. Я яго перахітру».

Прышоў вожык дадому і кажа жонцы:

- Жонка, апранайся хутчэй, прыдзецца табе зы мною ў поле йсьці.

- А што здарылася? - пытаецца вожычыха.

- Ды вось мы з зайцам паспрачаліся, хто хутчэй бегае - я ці ён. Я павінен зайца абагнаць, а ты мне ў гэтай справе дапаможаш.

- Што ты - звар'яцеў? - зьдзівілася вожычыха. - Ён-жа цябе адразу перагоніць.

- Не твая справа, жонка, - сказаў вожык. - Апранайся хутчэй ды пойдзем. Я ведаю, што раблю.

Апранулася жонка ды пайшла з вожыкам у поле.

Падарозе вожык кажа жонцы:

- Мы пабяжым з зайцам вось па гэтым доўгім полі. Заяц пабяжыць па аднэй баразьне, а я па другой. А ты, жонка, стань у канцы поля каля маёй баразны. Як толькі падбяжыць пад цябе заяц, ты крыкні: «Я ўжо тут!». Зразумела?

- Зразумела, - адказвае жонка.

Так яны й зрабілі. Завёў вожык жонку на канец свае баразны, а сам вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў зайца.

- Ну, што-ж - кажа заяц, - пабяжым?

- Пабяжым, - адказвае вожык.

Сталі яны кажны ў пачатку свае баразны.

- Раз, два, тры! - крыкнуў заяц.

І абодвы яны пабеглі з усіх ног.

Прабег вожык крокаў тры-чатыры, а потым ціхенька вярнуўся на сваё месца і сеў. Сядзіць ды адпачывае. А заяц усё бяжыць ды бяжыць. Дабег да канца свае баразны, а тут вожычыха яму і крычыць:

- Я ўжо тут!

А трэба сказаць, што вожык і вожычыха вельмі падобныя адзін да другога. Зьдзівіўся заяц, што вожык яго перагнаў.

- Пабяжым цяпер назад, - кажа ён вожыку. - Раз, два, тры!

І пусьціўся заяц назад хутчэй. А вожычыха засталася сядзець на сваім месцы.

Дабег заяц да пачатку баразны, а насустрач яму вожык крычыць:

- Я ўжо тут!

Яшчэ больш зьдзівіўся заяц.

- Пабяжым яшчэ раз, - кажа ён вожыку.

- Добра, - адказвае вожык. - Калі хочаш, пабяжым яшчэ раз.

Так семдзесят тры разы бегаў заяц туды й назад.

А вожык усё яго пераганяў. Прыбяжыць заяц да пачатку баразны, а вожык крычыць: «Я ўжо тут».

На семдзесят чацьверты раз дабег заяц да сярэдзіны поля ды паваліўся на зямлю.

- Умарыўся, - кажа, - не магу больш бегаць.

- Вось бачыш цяпер, у каго ногі лепшыя?

Нічога не адказаў заяц і пайшоў з поля - ледзь ногі пацягнуў.

А вожык з вожычыхай паклікалі сваіх дзяцей і пашлі зь імі на шпацыр.

 

Пасля сумеснай прагулкі пагутарыце з дзіцем аб праведзеным разам часе. Праглядзіце фатаграфіі, якія вы зрабілі. Спытаеце, што запомнілася больш за ўсё. Успомніце самыя прыемныя ўражанні. Пакінуўшы знак іх на паперы з дапамогай малявання, аплікацыі.