Дзень беларускага пісьменства

05.09.2022

Штогод у першую нядзелю верасня ў краіне праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Традыцыйна ён праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Так, упершыню святочнае мерапрыемства адбылося ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры Беларусі, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў.

У гэтым годзе XXIX Дзень беларускага пісьменства пройшоў 3 і 4 верасня ў старажытным горадзе Добрушы, вядомым яшчэ з XVI стагоддзя. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка і фарфоравы завод, а знакамітым ураджэнцам Добрушскага краю з’яўляецца класік нацыянальнай літаратуры — пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін.

У мінулым годзе Беларусь пышна адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння Івана Пятровіча. А ў сёлетнім календары знакавых дат — юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. На гэтай святочнай ноце і быў праведзены Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы, асноўнай тэмай якога стаў Год гістарычнай памяці.


Вучні ўстановы адукацыі прынялі ўдзел у рамках шостага школьнага дня ў завочным падарожжы "Адкуль наш род і наша мова", у гадзіне беларускай мовы "Зямлі маёй роднай словы", інфармацыйнай гадзіне "З вытокаў роднай мовы".